Вяртанне да вытокаў: мы дорым вам цяпло сваёй душы.
Гадзіна роднай песні.
Ёсць ў нашай роднай мове вельмі прыгожае слова – жыта, якое з’яўляецца важным элементам рацыёну чалавека. Ад гэтага слова паходзіць не менш прыгожае - жытніца. А што ж яно азначае? З тлумачальнага слоўніка беларускай мовы мы даведаліся, што гэта памяшканне для захоўвання збожжа. А яшчэ ў некаторых мясцовасцях жытніца - поле, на якім расце жыта. А вось у нашай мясцовасці гэтым меладычным, ласкавым словам называецца народны ансамбль народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу, які завітаў у госці да наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна.
“З любоўю – у сэрцы, з цяплом – да людзей, з адданасцю – духоўнай спадчыне роднай старонкі» - такі дэвіз калектыву. І з гэтым нельга не пагадзіцца, бо, нават пачуўшы ў першы раз яго выступленне, немагчыма забыць тыя прыгожыя родныя песні, родную мову, якой адорвае нас кожны з яго выканаўцаў.
Кажуць, што выступаць перад землякамі – самая цяжкая справа, бо з біблейскіх часоў вядома, што «…няма прарока ў сваёй Айчыне…». Але «Жытніца» здолела «разагрэць» залу і пакарыць сэрцы слухачоў. Кожны нумар у выкананні калектыву стаў сапраўдным падарункам для прысутных. Пад час мерапрыемства нашы наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца не толькі з гісторыяй стварэння ансамбля, але і з асабістай гіторыяй кожнага яго ўдзельніка. Аб гэтым паведаміла Святлана Ганусевіч. Гаворка перапляталася разам з песняй, якая лілася цудадзейнай беларускай мелодыяй ў суправаджэнні непаўторнага баяна.
Удзельнікі мерапрыемства падхоплівалі знаёмыя матывы і з задавальненнем спявалі разам з «Жытніцай», якая добра вядома не толькі ў нашым раёне, але і ва ўсёй Гродзенскай вобласці, Беларусі і нават за яе межамі.
Выканаўцы падаравалі ўсім добры настрой, падзяліліся сваім пазітывам, бо яны не баяцца страціць тое, што дадзена Богам, – талент.
Шмат цёплых слоў пачулі ўдзельнікі калектыву ад прысутных. Доўга гучалі для артыстаў апладысменты і сардэчныя пажаданні поспехаў, здароўя і міру. Ад імя ўсіх удзельнікаў калектыву падаравалі абраз Мікалая Чудатворца, зроблены сваімі рукамі. Асабісты падарунак падрыхтавала артыстам наша наведвальніца Клаўдзія Маркаўна Васілеўская, якая вышыла абярэг “Спаси и сохрани в пути”.
“Жытніца” – калектыў, які захоўвае і перадае маладому пакаленню прыгажосць роднай мовы, кожны яе гук, яе песню. А з родных гукаў, як пісаў Ніл Гілевіч “…складаюцца родныя словы... Са словаў — песні, казкі, паэмы, драмы, Жыццё, Радзіма, Народ."
Тэрэса Кошань
спецыяліст па сацыяльнай рабоце
ТЦСАН Ашмянскага раёна
Вернуться в раздел Новости